История и традиции

Так пачыналася...

Кароткая інфармацыя ў царкоўнай газеце “Літоўскія епархіяльныя ведамасці” у нумары 42 ад 17 кастрычніка 1886 года.

  “27 кастрычніка 1885 года ў весцы Заполле Бялавіцкага прыхода была адчынена аднакласная царкоўнапрыходская школа з тэрмінам навучання 2 гады. За парты селі 28 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак. Настаўнік – сын псаломшчыка Бялавіцкай царквы, Закону Божаму вучыць свяшчэннік Бялавіцкай Ільінскай царквы Канстанцін Каніскі. Заняткі вядуцца ў наёмным доме”.

У жнівеньскім нумары газеты змешчана інфармацыя пра працягласць вучобы ў такіх школах і плату настаўнікам.

“Працягласць вучобы ў царкоўнапрыходскіх школах складае 5-6 месяцаў. Плата настаўнікам розная: ці толькі грашыма, ці з дабаўленнем так названай ссыпкі, гэта значыць пэўнай колькасці збожжа ці бульбы з кожнага вучня. Грашовая аплата ўносіцца бацькамі вучняў кожны месяц ці адразу за ўсю зіму. У школах граматнасці навучанне бясплатнае. Аплата настаўніку вагаецца ад 11 да 50 рублёў.”

Крыху пазней, прыкладна ў 1890 годзе, у Заполлі ўсёй вясковай грамадой была пабудавана школа.

Кажуць, дзіцячая памяць самая моцная. Усяго адну зіму правучыўся ў Запалянскай царкоўнапрыходскай школе мой бацька Зайка Тамаш Якаўлевіч, але пра той час успамінаў часта:

- Мне яшчэ не пара было ісці ў школу, бо меў усяго 7 гадоў, але бацька ўпрасіў настаўніка мяне запісаць, бо бачыў маю велькую ахвоту да вучэння, і настаўнік пагадзіўся. Вучыліся мы напачатку пісаць розныя кружочкі, вілюшкі, палачкі, а пасля і літары на грыфельных дошках. Дошка была завадская, вельмі зручная. Напішаш грыфелем-алоўкам на ёй, убачыш памылку, нязграбнасць, ганучкай сцёр і зноў пішы сабе. Калі навучыўся добра пісаць літары, словы “мама”, “Айчына” на дошцы, вось тады дазвалялі пісаць у сшытак. Вучыліся па–руску. Вучыліся з кастрычніка да Ражства Хрыстова, а тады з Новага года і да чэрвеня. Урокі былі ад раніцы да абеду. У суботу прыходзіў свяшчэннік з Бялавіч і вучыў нас Закону Божаму, пацерам. І настаўнік і поп строгія былі: не пакруцішся, не пасмяешся. Калі шкоду якую зрабіў ці заданне не выканаў, то лінейкай мог і па “лапе” атрымаць. Прозвішча настаўніка не памятаю, бо мы да яго звярталіся ўсё “пан настаўнік ды пан настаўнік”. Зімою ў школе было цёпла. Печка стаяла пасярод пакоя. А дроў хапала: гэта ўжо нашы бацькі стараліся забяспечыць школу дровамі. Пан настаўнік гаспадаркі не меў. Усё помню яго з кніжкай у руцэ. Малады быў, то часта наймаў майго бацьку ў Косава яго завезці. Бо ў мястэчку сябры, паненкі.

За той год я навучыўся пісаць, чытаць і лічыць да 100. На гэтым мая вучоба ў Заполлі скончылася. Пачалася вайна, і восенню 1915 года мы сталі бежанцамі. Прыехалі з Расіі ў 1921 годзе дадому. Палі параслі драбналессем, надворкі, агароды ў бур’яну. А мне ўжо 14 год. Стаў бацьку памагаць аднаўляць гаспадарку. Не да вучобы было.

Хто ты ёсць

Рыжскі трактат у сакавіку 1921 году падзяліў Беларусь на ўсходнюю і заходнюю. Заходняя Беларусь была далучана да Польшчы. З цэнтральнай Польшчы на “Крэсы Усходні” (так пачалі называць беларускія землі) прыслалі сваіх чыноўнікаў. Нацыянальная палітыка польскіх уладаў была скіравана на падтрыманне палякаў, польскіх асаднікаў за кошт мясцовага насельніцтва, праводзілася маштабная паланізацыя. Гэтаму садзейнічала і асвета краю. У школах выкладанне вялося выключна на польскай мове. Дзіцяці-беларусу была зачынена дарога ў сярэднюю навучальную ўстанову, тым болей вышэйшую. Нават за навучанне ў сямігадовай школе трэба было плаціць.

Успамінае Гоган Антон Данілавіч, жыхар в. Заполле, 1922 года нараджэння, у тыя часы вучань Запалянскай “публічнай школы паўшэхнай”.

- У Заполлі было 4 класы, але вучыліся ў іх 7 год. У першы і другі хадзілі па году, у трэці клас – тры гады (быў 3"А", 3"Б" і 3"Ц") і два гады ў 4"А" і 4"Б". Адным словам, да 14 год абавязаны быў наведваць школу. Дзяцей было многа, памяшканняў не хапала, то вучыліся па хатах. Настаўнікамі былі Стражэцкі, яго швагер Давэльскі і яшчэ з Бялавіч прыязджаў вучыць Антон Мацвеевіч Звада. Памятаю, вучылі чытаць нас па “Буквары”, а тады па “Чытанцы”, была арыфметыка, маляванне,фізкультура, праца, Закон Божы. У сераду і пятніцу прыязджаў на заняткі бацюшка з Бялавіч. У старэйшых класах прадметаў прыбавілася: польская мова, арыфметыка з геаметрыяй, прырода, геаграфія, гісторыя. Вучылі нас па-польску. Многія словы былі незразумелыя, вучоба была нялёгкай, але шмат маіх сяброў і сябровак вучыліся добра. Хваліў і мяне настаўнік. Адзнак нам не ставілі, дзённікаў не было, ставілі толькі ў сшыткі ды ў канцы навучальнага года. Ацэньвалі веды вучняў такімі словамі: недастаткова; дрэнна, значыць, на двойку; дастаткова; добра; вельмі добра. Дзяцей кармілі: на вялікім перапынку давалі кубачак кавы з булачкай. Кожны дзень было па 4-5 урокаў. Вучыліся з 20 жніўня па 20 чэрвеня наступнага года. Канікулы былі з 22 снежня па 15 студзеня. Калі дзіця не наведвала школу, бацьку за гэта штрафавалі.

Гаспадаркі велькае Стражэцкі не трымаў. Ён жыў у пакоі пры школе. З ім жыла маці, сястра з мужам. Трымаў, праўда, карову, ды меў невялікі агарод. Зарплата ў польскага настаўніка была даволі высокая – 100 злотых. Быў пры школе “струж” – вартаўнік. У яго абавязкі ўваходзілі ўсе гаспадарчыя клопаты па забеспячэнні жыццядзейнасці школы: апал памяшканняў, мыццё, рамонт і інш. Яшчэ ён вазіў у Косава і прывозіў адтуль розныя дакументы.

Перад вайной, ужо пры Саветах, вучылі Ціток Іван Аляксеевіч, Крышталь Аляксандр Лявонцьевіч, Разумейчык Пётр Федаравіч з Аляксеек.

У вайну былі нешта наладзілі заняткі, але ненадоўга: не да вучобы было.

На шырокі прастор

 

11 ліпеня 1944 года в. Заполле была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усіх мужчын прызыўнога ўзросту мабілізавалі на фронт. У вёсцы засталіся старыя, жанчыны ды дзеці. Дзяцей было многа, ужо шмат каму мінула пара, калі трэба было ісці ў першы клас. Было цяжка, але ўжо з 1 верасня 1944 года ў вёсцы пачала працаваць школа. Дзіўная яна была. Класы яе былі раскіданы па ўсім сяле, бо месціліся ў мясцовых хатах. Такіх дамоў-класаў было ажно пяць. Тэрмінова пачалі рамантаваць будынак старой школы, якая была часткова разбурана ў час вайны. Захаваўся клуб, які быў пабудаваны да вайны, але там вучылася ўсяго два класы. Неўзабаве ўсёй вясковай грамадой узяліся за будаўніцтва новай школы, якую цалкам узвялі недзе ў 1952 годзе. Адразу пасля гэтага пачалі ўзводзіць спартыўную залу і асобны будынак пад школьную майстэрню. Пасадзілі сад, выкапалі басейн.

Не хапала педагагічных кадраў. Але ўжо ў 1945 годзе прыехала ў вёску працаваць група настаўніц з Усходняй Беларусі. Паціху школьны працэс наладжваўся. Тым болей, што неўзабаве школу сталі папаўняць настаўнікі, якія заканчвалі Брэсцкі дзяржаўны настаўніцкі інстытут імя А. С. Пушкіна.

Гартаю кнігу загадаў тых далёкіх гадоў. Не без хвалявання і лёгкай усмешкі чытаю такія радкі з загаду, падпісанага дырэктарам Н. У. Случаноўскім 6 лістапада 1956 года: “За актыўны ўдзел у рабоце на прышкольным вопытным участку прэміраваць вучняў каштоўнымі падарункамі: Воўну Марыю (7”Б”кл) – адрэзам на сукенку, Зайка Веру (7”Б”кл.) – грашыма ў суме 50 рублёў, Шыманчык Соф’ю – альбомам з наборам каляровых алоўкаў, Ціток Надзежду (4 кл.) – чаравікамі, Зайка Марыю Фамінічну (2 кл) – стужкай. Усяго 44 вучні. А Трынду Васіля (7 кл.) і Мігеля Івана (6 кл.) прэміраваць шашкамі і даміно “за арганізацыю абсталявання школьнага вадаёма”.

А вось загад па школе ад 29 мая 1956 года: “Накіраваць тав. Случаноўскага Н. У. у міністэрства адукацыі БССР на атрыманне нарада на аўтамашыну”.

Альбо яшчэ. Загад № 88 ад 16 лістапада 1957 года : “Камандзіраваць у г. Брэст настаўніцу фізкультуры Цімафееву Ю. П. для суправаджэння вучняў-піянераў, якія накіроўваюцца ў піянерскі лагер “Артэк””. Загад падпісаў дырэктар школы М. А. Гольц.

Настаўніцкі і вучнёўскі калектывы жылі цікавым, змястоўным, напружанным жыццём. Школа папаўнялася сучасным абсталяваннем, нагляднымі дапаможнікамі, кніжны фонд складаў некалькі тысяч.

У школе працавалі разнастайныя гурткі, спартыўныя секцыі.

У школе, асабліва ў 70-80 гадах мінулага стагоддзя, часта арганізоўваюцца працяглыя экскурсіі ў розныя гарады былога Савецкага Саюза.

Урэшце ў 1992 годзе Запалянская школа стала сярэдняй. У 1993 годзе ў вёсцы была пабудавана новая прыгожая школа, а ў 1994 годзе адбыўся першы выпуск. Выпускніца Крывецкая Валянціна першай атрымала залаты медаль.

Рашэннем Івацэвіцкага выканаўчага камітэта №668 ад 26.07.2007года Запалянскі дзіцячы сад - сярэдняя агульнадукацыйная школа рэарганізаваны шляхам выдзялення  з саставу аддзела адукацыі Івацэвічскага райвыканкама  ў дзяржаўную ўстанову адукацыі "Запалянскі дзіцячы сад - сярэдняя агульнаадукацыйная школа".

 Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Запалянскі дзіцячы сад - сярэдняя агульнаадукацыйная сярэдняя школа" 16.08.2011 года перанайменавана на дзяржаўную ўстанову адукацыі "Запалянскі дзіцячы сад-сярэдняя школа". 

Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Запалянскі дзіцячы сад - сярэдняя школа" 01.09.2022 года перанайменавана на дзяржаўную ўстанову адукацыі "Запалянская сярэдняя школа". 

поделиться в: